cybulinka
1.38K subscribers
1.68K photos
82 videos
7 files
1.75K links
самыя важныя навіны й гісторыі з розных сфэраў навукі

супрацоўніцтва: @sabaczka
Download Telegram
Парацэтамол западозрылі ў сувязях з сындромам дэфіцыту ўвагі й гіпэрактыўнасьці

Паводле нядаўняга дасьледаваньня, прыём парацэтамолу ў другім трыместры цяжарнасьці можа павялічыць рызыку разьвіцьця СДУГ у дзіцяці. Аўтары паведамілі, што біямаркеры парацэтамолу ў крыві маці павышалі ў 3.15 раза імавернасьць пастаноўкі дзецям дыягназу СДУГ да 8-10 гадоў. Аднак для дзяўчынак гэтая рызыка паввялічвалася ў 6.16 раза.

Такі эфэкт, імаверна, зьвязаны з уплывам парацэтамолу на экспрэсыю генаў пляцэнты, падчас чаго павялічваецца ўзровень бялку ІGHG1, які ўжо даўно зьвязалі з СДУГ.

Прыём парацэтамолу дагэтуль лічыцца бясьпечным пры цяжарнасьці, але ўсё больш дасьледаваньняў паказваюць адваротнае.
Дзікія рыбы пазналі дайвэраў па гарнітурах

Навуковыя дайвэры ў Міжземным моры некаторы час таму пачалі заўважаць, што мясцовыя рыбы могуць запамінаць людзей, якія некалі іх кармілі. Таму нямецкія навукоўцы зладзілі шэраг досьледаў, у якіх высьветлілася, што рыбы ў запамінаньні людзей арыентуюцца на зьнешнія прыкметы.

Дасьледаваньні ладзіліся ў натуральным асяродзьдзі, дзе рыбы свабодна ўдзельнічалі ў выпрабаваньнях. Спачатку іх прывучалі плыць за дайвэрам, які іх карміў. Потым гэты ж дайвер ныраў разам з калегам, але толькі адзін зь іх даваў ежу. Празь некалькі дзён рыбы пачалі сьвядома выбіраць патрэбнага чалавека, а калі дайверы апускаліся ў аднолькавых гарнітурах, яны перасталі іх адрозьніваць. Гэта даказвае, што рыбы арыентаваліся на дэталі экіпіроўкі, імаверна, на колер. Аўтары дасьледаваньня мяркуюць, што зь цягам часу рыбы маглі б навучыцца распазнаваць і больш тонкія адрозьненьні ў выглядзе чалавека.
Шаноўнае спадарства, даўно не было на канале падборак беларускіх каналаў, таму сёньня прапаную вам адну. Маю спадзеў, што знойдзеце штосьці цікавае.

💌 Палявая пошта — Беларусь на старых паштоўках і фотаздымках.

🎬 Кавалачак жыцця — тут падкажуць, што паглядзець увечары. Рэцэнзіі на навінкі кіно і серыялаў на роднай мове.

🏃‍♂️ sacral_BY — адвечнае блуканне па закутках і цэнтрах Беларусі ў пошуках старога, забытага, закінутага і не зусім.

💻 BelKantent — можна пачытаць свежыя навіны пра кампутарныя камплектуючыя, тэхналогіі, і сучасныя гульні.

🎸 Еўрабачанне па-беларуску — першы канал у Telegram з навінамі і рознымі цікавасцямі пра Еўрабачанне.

#пашыраймасваё
Лекар дзякуючы пацыенту зразумеў, што перажыў інфаркт

Канадзкі лекар Крыс Лёрэта выявіў у сябе сымптомы інфаркту падчас лячэньня пацыента з такім жа дыягназам. Чатыры месяцы ён адчуваў боль у грудзях падчас бегу й дыскамфорт у горле, але тлумачыў гэта кіслотным рэфлюксам. Нават калі лекі не дапамагалі, ён працягваў ігнараваць сымптомы.

Усё зьмянілася, калі падчас дзяжурства ён дапамагаў пацыенту з масіўным інфарктам і пачуў апісаньне сымптомаў. Яны цалкам супадалі з тым, што сам адчуваў Лёрэта. Калегі настаялі на тэрміновых аналізах крыві й ЭКГ, якія пацьвердзілі інфаркт.

Лекар і ягоны пацыент былі шпіталізаваныя ў адзін і той жа медцэнтар, апынуўшыся нават у палатах насупраць. Лёрэта паставілі стэнты для нармальнага крывябегу й перавялі ў спэцыялізаваную клініку для дадатковых працэдур. Цяпер ён праходзіць кардыярэабілітацыю й прызнае, што мусіў сурʼёзьней ставіцца да здароўя.
This media is not supported in your browser
VIEW IN TELEGRAM
Мышы аказалі першую дапамогу сваім суродзічам

Некаторыя мышы, якія знаходзілі сваіх суродзічаў у непрытомным стане, пачыналі аказваць ім першую дапамогу: білі лапамі, пакусвалі й выцягвалі язык з роту, каб вызваліць дыхальныя шляхі. Такое назіраньне паказвае, што клопат аб суродзічах можа быць больш пашыраным у жывёльным сьвеце, чым меркавалася раней.

Аўтары дасьледаваньня зладзілі шэраг простых досьледаў, каб вывучыць паводзіны мышэй у выпадках, калі сусед па клетцы "страчваў прытомнасьць", альбо знаходзіўся ў бадзёрым стане.

Аказалася, што грызуны прысьвячалі каля 47% часу назіраньня на "першую дапамогу" непрытомнаму суседу. Прытым найбольш актыўна гэта абывалася ў выпадках, калі грызуны ведалі адно аднаго.

Першыя крокі ўключалі абнюхваньне й грумінг непрытомнага грызуна, а потым пачыналіся інтэнсыўныя фізычныя ўзаемадзеяньні, такія як аблізваньне вачэй, пакусваньне вобласьці вакол роту. Калі гэта не дапамагала, мышы пачыналі даставаць язык і закідваць яго на бок, каб вызваліць дыхальныя шляхі.

Тое, што гэтая манімпуляцыя скіраваная менавіта на дыхальныя шляхі, аўтары спраўдзілі ў іншых досьледах, дзе грызунам пасьля зьнячуленьня клалі ў рот плястыкавую кулю. У выніку іншародны абʼект мышы-памагатыя даставалі ў 80% выпадкаў.

Таксама паведамляецца, што мышы, якіх даглядалі суродзічы, хутчэй прачыналіся й пачыналі рухацца. Як толькі гэта адбывалася, мышы-памагатыя спынялі ўсе дзеяньні.
Псыхолягі разабраліся ў прычынах, чаму некаторыя з нас добра запамінаюць сны

Новае дасьледаваньне ў Communications Psychology, паказала, што здольнасьць прыгадваць сны залежыць ад індывідуальных асаблівасьцяў і характару сну. Вынікі сьведчаць, што людзі, схільныя да роздумаў і зацікаўленыя ў снах, часьцей іх памятаюць, а працяглая фаза хуткага сну павышае імавернасьць прыгадваньня сюжэту.

У дасьледаваньні ўдзельнічала больш за 200 чалавек у веку ад 18 да 70 гадоў, якія запісвалі свае сны цягам 15 дзён. Адначасова спэцыялісты адсочвалі іхні сон з дапамогай смарт-гадзіньнікаў і псыхамэтрычных тэстаў.

Вынікі паказалі, што людзі, схільныя да роздумаў і цікаўныя да сноў, згадваюць іх часьцей. Таксама вялікую ролю адыгрывае фаза хуткага сну: чым яна даўжэйшая, тым вышэй імавернасьць запомніць сон. Маладзейшыя ўдзельнікі ўзгадвалі сны часьцей, у той час як старэйшыя людзі часьцей сутыкаліся з так званымі "белымі снамі" — адчуваньнем сну без канкрэтных успамінаў.

Цікава, што ўзімку людзі ўзгадвалі сны радзей, чым вясной, што можа быць зьвязана з сэзоннымі зьменамі ў біярытмах.
Сабакі Індыі аддалі перавагу жоўтаму колеру

Колеравы зрок сабак адрозьніваецца ад людзкога. Напрыклад, з чырвоным, жоўтым і зялёным яны адчуваюць значныя складанасьці. І хаця ўжо было зладжана шмат дасьледаваньняў успрыманьня сабакамі колераў, мы дагэтуль мала ведаем пра тое, якім колерам яны аддаюць перавагу.

Каб дадаць гэтаму крыху болей разуменьня, каманда навукоўцаў зь Індыі на чале з Аніндытай Бхадрай зладзіла невялікае выпрабаваньне з ўдзелам 458 вулічных сабак. Жывёлам прапаноўваліся тры паўміскі жоўтага, блакітнага й шэрага колеру, якія стаялі на адлегласьці 2 м адзін ад аднаго. Часам у паўмісках быў ласунак, а часам іх пакідалі пустымі.

Такім чынам высьветлілася, што сабакі часьцей (>50%) цікавіліся жоўтым падміскам. Потым аўтары зьмянілі ўмовы досьледу, пакінуўшы толькі жоўты й шэры посуд. Іх напаўнялі сырой курацінай, альбо пакідалі адзін кавалак печыва, але адзін з двух паўміскаў заўсёды быў пусты. Тут сабакі парадаксальна працягвалі абіраць жоўты паўмісак незалежна ад таго, ці было ў ім што (77%). Паведамляецца, што адзін сабака, які падыўшоў да пустога жоўтага паўміску, паспрабаваў паварушыць яго лапай, потым падыйшоў да навукоўца й толькі пасьля гэтага спраўдзіў шэры паўмісак.

Аўтары высунулі гіпотэзу, што такія вынікі часткова могуць быць зьвязанымі з куркумой, якую шмат дадаюць ў індыйскія стравы. То бок, сабакі маглі прызвычаіцца, што "жоўтае — можна есьці". Але варта адзначыць, што чырвонае мяса й кроў сабакі таксама будуць бачыць жоўтымі. У любым выпадку, ці грае тут ролю куркума, высьветліцца, калі ў Канадзе скончацца аналягічныя досьледы.
❤1
Навукоўцы высьветлілі, чаму памідоры нас не забіваюць

Калісьці ў Эўропе лічылі, што спажываньне памідораў можа прывесьці да хваробы й нават сьмерці. І гэтыя асьцярогі мелі падставы, але справа была ня толькі ў памідорах. У той час заможныя людзі карысталіся посудам са сплаву цыны (Sn) з волавам (Pb). Калі кіслоты з памідораў траплялі на такую талерку, яны вымывалі нэўратаксычнае волава, што й выклікала атручэньне.

Аднак, як і іншыя расьліны зь сямейства пасьлёнавых, памідоры ўтрымліваюць таксычныя стэроідныя глікаалькалёіды. У вялікіх дозах яны выклікаюць млоснасьць, сутаргі й нават унутраныя крывацёкі. Але чаму ж мы спакойна ямо памідоры, а, напрыклад, падобныя да іх плады бульбы — не?

Навукоўцы з Сычуаньскага ўнівэрсытэту высьветлілі, што па меры пасьпяваньня памідораў у іх запускаецца працэс разбурэньня згаданых таксынаў. Галоўным у гэтым працэсе аказаўся бялок DML2: ён «уключае» гены, якія расшчапляюць глікаалькалёіды да бясьпечнага эскулеазіду A. Калі ж гэты бялок заблякаваць, узровень таксынаў у пладох застаецца высокім нават пасьля поўнага пасьпяваньня.

Параўнаўшы ДНК сучасных памідораў зь іх дзікімі сваякамі, дасьледнікі высьветлілі, што ў працэсе акультурваньня ўзровень таксынаў зьніжаўся, а плады станавіліся ўсё большымі, чырвонымі й саладзейшымі. Менавіта таму нават недасьпелыя памідоры можна есьці спакойна.
Вывяржэньне Вэзувіё ператварыла мазґі маладога рымляніна ў шкло

Амаль 2000 гадоў таму адбылося вывяржэньне Вэзувіё, якое перагрэтым воблакам попелу й пылу зьнішчыла рымскія гарады Гэркулянум і Пампэі. Умовы падчас гэтай падзеі былі такімі, што мазґі 20-гадовага мужчыны проста ператварыліся ў шкло, якое кагадзе знайшлі дасьледнікі.

Знаходка ўпершыню была апісаная яшчэ ў 2020 годзе, але дагэтуль было незразумела, што стала прычынаю сьпяканьня мазґоў у арганічнае шкло.

Аўтары адзначаюць, што тэмпэратура піраклястычных струменяў (сумесь гарачых газаў, попелу й горных парод, якія рушацца зь велізарнай хуткасьцю) не пакідае мяккім тканкам аніводнага шанцу. Але ў дадзеным выпадку адбылося кароткае, хуткае награваньне да 510С, а потым такое ж хуткае ахаладжэньне. Яшчэ сваю ролю адыграла й палажэньне цела ахвяры.

Такая ўнікальная сытуацыя дазволіла добра захавацца нэўронам, аксонам і іншым нэрвовым структурам, якія выявіліся з дапамогай эклектроннай мікраскапіі
Пухліна ў мазґах жанчыны аказалася жывым чарвяком

Жанчына тры гады праходзіла плянавыя абсьледваньні пасьля апэрацыі па выдаленьню пухліны малочнай залозы. Падчас аднаго зь візытаў у пацыенткі выявілі нешта падазронае ў цемянной долі мазґоў. Паводле вынікаў МРТ-сканаваньняў, лекары паставілі дыягназ "рак 4 стадыі" і прапанавалі апэрацыю. Жанчына не пагадзілася, і вярнулася дадому ў Сакартвэла.

Празь некаторы час у яе здарыўся сутаргавы прыступ, які вымусіў зьвярнуцца па дапамогу да нэўрахірургаў. Мэдыкі зрабілі паўторнае МРТ-сканаваньне, і выявілі, што "пухліна" ужо была ў скроневай долі мазґоў. Такія перасоўваньні ім не ўласьцівыя, таму лекары западозрылі мэтастазы й заплянавалі апэрацыю.

Падчас апэрацыі хірургі пухліны не знайшлі, але ў мазґах быў жывы 15-сантымэтровы паразыт. Знаходку даслалі адмыслоўцам, які вызначылі, што гэта сьвіны цэпень Taenia solium.

Імаверна, гэта першы падобны выпадак, таму хірургі рыхтуюць публікацыю ў навуковым часопісе. А пацыентка пасьля апэрацыі пачуваецца добра.
Шыланосы (Monodon monoceros) выглядаюць як аднарог, які сапраўды існуе. Звычайна ў самцоў гэтага віду адзін верхні зуб пачынае хутка расьці й закручвацца ў сьпіраль, у выніку чаго й фармуецца той знакаміты рог. І хаця шыланосы даволі сацыяльныя жывёлы, назіраць за імі ў дзікай прыродзе даволі скаладана, таму дагэтуль пра дакладнае прызначэньне рога вядома мала. Раней меркавалася, што ён адыгрывае сваю ролю падчас шлюбнага пэрыяду, але новыя даныя паказваюць, што ёсьць і іншыя функцыі.

З дапамогай дронаў навукоўцам удалося вызначыць ажно 17 розных патэрнаў паводзін, у якіх задзейнічаны рог. Напрыклад, шыланосы актыўна ім карысталіся падчас паляваньня на рыбу, для вывучэньня асяродзьдзя й у гульнях. Прытым былі выпадкі, калі шыланосы кралі ежу ў суродзчаў, выкарыстоўваючы свой рог.

Аўтары кажуць, што ўсе гэтыя маніпуляцыі выконваліся жывёламі зь вялікай дакладнасьцю.
👍1
Звычайна паколваньні ў нагах зьяўляюцца вынікам кепскай цыркуляцыі крыві ў канцавінах, але часам гэта можа сьведчыць пра наяўнасьць паразыта, які пасяліўся ў мазґах. Менавіта такая гісторыя абылася з 30-гадовай жанчынай, у якой неўзабаве пасьля вандроўкі выявілі ангіястрангілёз.

Гэтая глісная інфэкцыя разьвіваецца ў выніку імуннай рэакцыі арґанізму на паразыта Angiostrongylus cantonensis. Жыцьцёвы цыкль A. cantonensis пачынаецца пасьля таго, як пацук зьесьць інфікаванга смаўжа, альбо іншага гаспадара. Пасьля паразыт паступова мігруе ў лёгкія грызуна, дзе адкладае яйцы, зь якіх хутка выводзяцца лярвы (лічынкі). Потым лярвы пачынаюць кароткае й захапляльнае падарожжа па арґанізму пацука, пакуль не пакінуць яго разам са спражненьнямі, якія мусіць зьесьці смоўж альбо сьлімак, каб жыцьцёвы цыкль паразыта працагваўся.

Аднак часам у гэты кругазварот могуць далучацца іншыя жывёлы й расьліны, што павышае імавернасьць перадачы інфэкцыі чалавеку, напрыклад, з кепска памытай гароднінай і недаваранымі ракападобнымі.

У апісаным выпадку сымптомы пацыенткі спачатку выглядалі даволі нявінна: праз колькі дзён пасьля вяртаньня з падарожжа па Японіі, Тайляндзе й Гаваях, жанчына пачала адчуваць лёгкае паколваньне ў нагах. Потым дадалася яшчэ й стомленасьць, але пацыентка зьвязала гэта са зьменай часавых пасаў.

Праз пэўны час жанчына зьвярнулася да лекараў, бо стан не паляпшаўся. Аналіз выявіў сьціплае павышэньне ўзроўню леўкацытаў, што сьведчыла пра наяўнасьць нейкай інфэкцыі, але вызначыць яе было складана. Зь цягам часу ў пацыенткі праявілася яшчэ ліхаманка й зблытанасьць сьвядомасьці. Тут ужо мэдыкі вывучылі сьпінамазгавую вадкасьць, дзе знайшлі прыкметы інфэкцыі мазґоў і нарэшце паставілі дыягназ.

Пасьля 3 тыдняў лячэньня, жанчына ачуняла. Але варта адзначыць, што ангіястрангілёз можа быць даволі небясьпечнай хваробай. Напрыклад, у 2010 годзе 19-гадовы хлопец з Аўстраліі зьеў жывога смаўжа, падхапіў A. cantonensis, прабыў у коме 14 месяцаў і памёр у 2018 годзе ад шматлікіх ускладненьняў пасьля ангіястрангілёзу.
Кампанія, якая плянуе адрадзіць мамантаў, паказала мышэй з поўсьцю вымерлай жывёлы

Генна-мадыфікаваныя мышы былі прэзэнтаваныя Colossal Biosciences. Гэта пробны крок да адраджэньня маманта.

Хоць звычайныя мышы й так маюць поўсьць, іхняя ДНК была адрэдагаваная так, каб узнавіць менавіта тыя характарыстыкі, якія дапамагалі мамантам адаптавацца да холаду: густую, доўгую й кучаравую поўсьць.

Навукоўцы выкарысталі генэтычныя даныя дзясяткаў вымерлых мамантаў і параўналі іх з ДНК сланоў, каб вызначыць гены, адказныя за поўсьць. Затым яны ўнесьлі гэтыя ж зьмены ў мышэй, адключыўшы некаторыя гены, што рэгулююць рост валасоў. У выніку ў мышэй вырасла поўсьць утрая даўжэйшая за звычайную, а ейная структура стала падобнай да мамантавай.

Гэты экспэрымэнт служыць выпрабаваньнем перад рэдагаваньнем геному азіяцкіх сланоў, якія стануць «проксі-мамантамі» — не дакладнымі копіямі вымерлага віду, а яго блізкімі аналагамі. Colossal плянуе стварыць такога слана да 2028 году, вырасьціўшы эмбрыён у штучнай матцы.
👍1
Дасьледнікі знайшлі "пульт кіраваньня" паводзінамі ў мышэй

Навукоўцы ў досьледах на мышах паказалі, што за ўпартасьць, дасьледчыя паводзіны й адмову штосьці рабіць адказваюць тры тыпы нэўронаў у ствале галаўных мазгоў.

Выкарыстоўваючы оптагенэтыку, дасьледнікі маніпулявалі нэўронамі, якія рэгулююць выпрацоўку гама-аммінамасьлянай кіслаты (ГАМК), глютамата й сэратаніна. Такім чынам высьветлілася, што заглушэньне ГАМК-нэўронаў выклікала ў грызуноў падвышэньне ўпартасьці, а вось заглушэньне сэратанінавых нэўронаў выклікала апатыччныя паводзіны.

У досьледах мышам прапаноўвалі пашукаць выйсьце зь лябірынту за ласунак. У першым выпадку мышы настойліва хадзілі знаёмым шляхам, нават калі ён быў тупіковым. А вось грызуны з заглушанымі сэратанінавымі нэўронамі ўвогуле адмаўляліся шукаць выйсьце.

Аднак адна група жывёлак, спрабавала выйсьці зь лябірынту рознымі шляхамі, а калі нейкія спробы аказваліся наўдалымі, яны хуценька пачыналі шукаць альтэрнатыўныя варыянты. Гэта былі мышы з актываванымі глютаматнымі нэўронамі.

Агулам адкрыцьцё дапаможа лепей зразумець мэханізмы некаторых псыхічных праблем у людзей. Напрыклад, абсэсыўна-кампульсыўны разлад, дэпрэсыя й СДУГ.
👍1
Татуіроўкі павысілі рызыку разьвіцьця некаторых анкалягічных захворваньняў

Ніколі такога не было, і во на табе

Дацкія й фінскія дасьледнікі вывучылі паказьнікі здароўя амаль 6000 пар блізьнюкоў, дзе ў аднаго абавязкова была татуіроўка. Такім чынам выявілася, што людзі з малюнкамі на скуры мелі больш шанцаў сутыкнуцца з ракам скуры й лімфомай. Усё праз тое, што пігмэнты з часам пераходзяць ў лімфавузлы.

Імаверна, рызыка разьвіцьця захворваньняў не была зьвязаная з колерам пігмэнтаў, але была залежнасьць ад памеру малюнка: найбольшая рызыка была для тых, у каго малюнак памерам большы за далонь.
🍾2
Навукоўцы прымусілі людзей спаць з расплюшчанымі вачыма, каб назіраць за зрэнкамі

Сон дапамагае арґанізму аднавіць запасы энэргіі на новы дзень. І пакуль некаторыя працэсы запавольваюцца, мазґі падчас сну застаюцца надзвычай актыўнымі. Вось толькі вывучаць гэтую актыўнасьць пакуль чалавек сьпіць даволі склада, бо цэнтар актывацыі знаходзіцца ў ствале галаўных мазґоў.

Аднак інфармацыю пра ўзровень актывацыі мазґавых зон, адказных за рэгуляцыю сну й бадзёрасьці, можна атрымаць па зрэнках. Таму каманда швайцарскіх навукоўцаў распрацавала адмысловую прыладу, якая дазволіла людзям спаць з адкрытым вокам, а дасьледнікам — адсочваць зьмены памеру зрэнак цягам колькіх гадзін. Гэта першае падобнае дасьледаваньне.

Вядома, спаць з расплюшчанымі вачыма немагчыма, таму аўтары маніпулявалі толькі адным вокам: вейкі надзейна фіксаваліся ліпкімі стужкамі, на вока наносілі адмысловы ґель, а над вокам зьмяшчаўся празрысты экран. Таксама ўсе досьледы ладзіліся ў цемры, што дапамагло людзям расслабіцца й заснуць.

Такім чынам высьветлілася, што зрэнкі сапраўды мяняюць свой памер падчас сну, што паказвае на ваганьні ўзроўню актывацыі мазґоў [раней меркавалася, што мазґавое ўзбуджэньне застаецца нізкім падчас сну]. Аўтары яшчэ заўважылі, што чым вышэй быў узровень узбуджэньня паводле зрэнак, тым выразьней мазґі рэагавалі на гукавыя стымулы.

Такое дасьледаваньне можа стаць падмуркам для новых спосабаў дыягностыкі й лячэньня парушэньняў сну, а таксама для ацэнкі стану мазґоў у пацыентаў у коме.
😱4👍2
Сьметанковае масла павялічыла рызыку заўчаснай сьмерці

Навукоўцы з Гарвардзкай мэдыцынскай школы зладзілі маштабнае дасьледаваньне й высьветлілі, што тып спажыванага тлушчу можа ўплываць на працягласьць жыцьця. Яны прааналізавалі даныя больш чым 220 тысяч чалавек, назіраючы за іхным рацыёнам і станам здароўя цягам некалькіх дзесяцігодзьдзяў. Выявілася, што высокая доля сьметанковага масла ў рацыёне зьвязаная з павышаным рызыкай заўчаснай сьмерці, тады як расьлінныя алеі, наадварот, зьніжаюць гэтую рызыку.

За час дасьледаваньня памерлі больш за 50 тысяч удзельнікаў і ўдзельніц, у тым ліку каля 12 тысяч — ад раку й прыкладна столькі ж — ад сэрцава-судзінных захворваньняў. Статыстычны аналіз паказаў, што людзі, якія спажывалі больш масла, мелі на 15% большую рызыку сьмерці ў параўнаньні з тымі, хто еў яго менш. А тыя, хто часьцей ужываў расьлінныя алеі, мелі на 16% меншшую рызыку.

Найбольш выразны эфэкт быў адзначаны для рапсавага, аліўкавага й соевага алеяў. Акрамя таго, дасьледнікі падлічылі, што замена ўсяго 10 грамаў сьметанковага масла ў дзень на эквівалентную колькасьць расьліннага можа зьнізіць агульныя рызыкі сьмяротнасьці на 17%, у тым ліку імавернасьць сьмерці ад раку.
🤪6👍4❤‍🔥1👎1🤡1
Дасьледнікі выявілі крытычны пэрыяд, калі мазґі хутка старэюць, а мысьленьне імкліва пагаршаецца

Старэньне мазґоў — натуральны працэс, які ўключае зьмены ў структуры, хіміі й функцыях мазґоў. Апрача скарачэньня абʼёму, запавольваньня апрацоўкі інфармацыі й пагаршэньня памяці, зь цягам часу нэўроны таксама горш засвойваюць глюкозу. У выніку назіраецца энэрґетычны дэфіцыт. Аднак пра гэтыя працэсы пакуль вядома ня так і шмат.

Таму амэрыканскія навукоўцы паспрабавалі ліквідаваць прагалы. Для гэтага яны зладзілі функцыянальны МРТ-аналіз набораў даных (19300 чалавек), каб зразумець, калі пачынаецца працэс старэньня мазґоў.

Аказалася, што працэс старэньня ў мазґах ідзе нелінейна: крытычны пэрыяд пачынаецца ў 40 гадоў. Акурат тады мазґі пачынаюць паступова адчуваць недахоп глюкозы. Сытуацыя працягвае пагаршацца прыблізна да 67 гадоў, а ў 90 гадоў хуткасьць старэньня нармалізуецца.

Аўтары таксама называюць інсулінарэзыстэнтнасьць асноўным фактарам старэньня. Зь цягам часу інсулін пачынае аказваць меншы ўплыў на нэўроны, што вядзе да скарачэньня засваяльнасьці глюкозы (дэфіцыт энэргіі).

З пазытыўнага: устойлівасьць нэўронаў да інсуліну, відаць, можна зьнізіць. Дасьледнікі спраўдзілі гэта на групе людзей (101), якім давалі дабаўкі з кетонамі. Гэта дапамагло запаволіць мэтабалічныя зьмены, зьвязаныя са старэньнем, але найбольш выразна такі эфэкт праяўляўся ў групе 40-59 гадоў.
✍8👏3💯1🤓1
Навукоўцы не знайшлі ў віне проціракавага патэнцыялу

Працяглы час меркавалася, што чырвонае віно мае пэўныя перавагі для здароўя, напрыклад, зьніжае рызыку разьвіцьця анкалягчных захворваньняў. Падставай для такога меркаваньня сталі лябараторныя досьледы, якія выявілі ў вінаградзе рэчыва рэсвэратрол, якое пасьпяхова "забівала" ракавыя вузы ў прабірцы. Гэтага антыаксыданту было болей у вінаграднай скурцы, таму чырвонае віно, для вытворчасьці якога пакідаць вінаград зь ёй, мела больш высокія канцэнтрацыі, чымся белае.

Цяпер аналіз 42 навуковых публікацый з агульнай выбаркай амаль 3 млн чалавек пакaзаў, што спажываньне віна не спрыяе зьніжэньню рызыкі анкалягічных захворваньняў. У тых, хто аддаваў перавагу чырвонаму віну, каэфіцыент рызыкі быў 0.98, а ў аматараў белага — 1.00. Але ў жанчын выявіліся больш істотныя адрозьненьні: белае віно павысіла рызыку захворваньняў на 26%, а для чырвонага такога эфэкту не было.

Аўтары робяць высновы, што хоць рэсьвератрол і можа мець нейкі патэнцыял адносна зьнішчэньня ракавых вузаў, ягонай колькасьці ў віне недастаткова. Таксама свае карэктывы можа ўносіць і канцэраґен этаноль, які таксама ўсёць у віне.
❤‍🔥10👍6😭6😁3🤷‍♂1✍1🥴1💯1
Выглядае на тое, што дасьведчаныя рэнтгенолягі абʼектыўней успрымаюць сьвет

Брытанскія навукоўцы параўналі 44 дасьведчаных рэнтгенолягаў (сярэдні век 36 гадоў) са 107 студэнтамі-мэдыкамі й псыхолагамі (сярэдні век 23 гады). Ім паказвалі чатыры розныя аптычныя ілюзіі, дзе трэба было вызначыць, якая зь дзьвюх фігур большая або даўжэйшая. У трох выпадках навакольныя абʼекты стваралі зман зроку, прымушаючы людзей памыляцца. Аднак рэнтгенолягі радзей траплялі ў такую пастку, бо могуць ігнараваць лішнія дэталі й канцэнтравацца на галоўным.

Але ў чацьвёртай ілюзіі, дзе адна фігура была вэртыкальнай, а другая гарызантальнай (ад чаго апошняя здавалася шырэйшай), розьніцы паміж групамі не было. Магчыма, прычына ў тым, што тут не было фонавых фігур, якія рэнтгенолягі звычайна ўмеюць «адключаць».

Дасьледнікі лічаць, што любы чалавек можа натрэнаваць мазгі, каб менш паддавацца аптычным ілюзіям. Напрыклад, мэтанакіраваная праца з выявай можа разьвіць гэтую здольнасьць, але пакуль незразумела, колькі часу гэта зойме — тыдні ці гады.
👍13🤷‍♂2