sacral_BY
3K subscribers
8.24K photos
31 videos
545 links
Lo-fi, турызм, эскапізм.

Гутаркі: @sacral_chat
Падтрымаць канал голасам:
t.me/belarus_sacral?boost
Прапановы, пытанні, абразы можна ў дырэкт.
Download Telegram
#шацк #sacral_urban
Візіт у вёску Шацк, Пухавіцкага раёну, так бы мовіць, па слядох Льва Дашкевіча і этнаграфічнай экспедыцыі 1923 года. Тое падарожжа пакінула нам некалькі здымкаў мястэчка. А ў 1927-м часопіс "Наш край" паведаміў, што
"Наагул, Шацк мае выгляд бруднага беднага мястэчка. Пляц і вуліцы не брукаваныя, у вясну і ў восені непралазна гразкія, для пешаходаў ёсць масткі на вуліцах, але недагледжаныя, паломаныя".

Чытаючы гэта, цяжка ўявіць, што перад гэтым Шацк некалькі гадоў быў райцэнтрам. Ды што там райцэнтр? Некалькі стагоддзяў Шацк быў прынадным кавалачкам, за які розныя шляхцічы ня толькі судзіліся, але змагаліся са зброяй у руках.
Вядомы з першай паловы XV ст., Шацкам валодалі шматлікія высакародныя фаміліі: Радзівілы, Храптовічы, Быхаўцы, Валадковічы ды іншыя менш вядомыя прозвішчы.
У фінале рамантычна-гістарычнага перыяду маёнтак з суседнімі вёскамі належыў родам Аскеркаў і Пуцятаў. У пачатку ХІХ ст. Юзафу Габрыелю Аскерку прыйшлося дзяліцца спадчынай з апошнімі праз лад жыцця, адпаведны сапраўднаму арыстакрату і не суадносны пры тым уласным сродкам. Таму ў розных кутах сучаснай вескі былі дзве сядзібы з палацамі (адзін з якіх дакладна мураваны, а другі, верагодна, верагодны). Знайсці іх зараз не атрымаецца. Іх больш няма. Як і іншай сядзібнай інфраструктуры, тыпу бровара.
У канцы ХІХ ст. у мястэчку былі: школа, адна царква, дзьве сінагогі і чатыры піцейныя ўстановы.

Да райцэнтру ад Шацка прыкладна 30 км, да Менску - больш за два разы далей, але лагістыка куды зручнейшая. 6-7 рэйсаў маршруткі ў дзень, супраць парачкі мясцовых.
Працяг гэтага бязладдзя, вядома, будзе. Бо гэта не адзінае, што хацелася паказаць. Ды й гэта не канчатковы пункт вандроўкі. Але далей хачу зачыніць ужо гештальт мінулага году, таму не здзіўляйцеся будучаму часова-прастораваму скачку.
❤50👍16😢3🤷‍♂1
#станькава #sacral_dominium
Сённяшнім допісам здзівіць будзе цяжка. Ці ўсё ж паспрабаваць? Хіба дарэмна здымкі чакаюць свайго часу з колішняй восені?
Цяжка ўявіць сабе лепшую лагістыку для невялічкага падарожжа ў выходны дзень. Бо маршруткі туды ходзяць раз на 11(!) хвілін увесь дзень. Падкажыце, куды яшчэ можна так зручна з'ехаць? Фаніпаль з Дзяржынскам не прапаноўваць. Бо менавіта праз іх праходзіць маршрут, яны ж забяспечваюць асноўны трафік пасажыраў ну і працяглы час язды - больш за гадзіну.
"Чаго туды перціся?" - спытаеце вы, калі яшчэ ня чулі пра гэтае месца. Канешне ж глядзець на рэшты сядзібы ўплывовага графскага роду, важных дзеячаў на Меншчыне, Гутэн-Чапскіх.
Комплекс пачаў фармавацца ў другой палове ХІХ ст. пры гаспадаранні Эмерыка Чапскага. Шкада, але цэнтральны аб'ект сядзібы, мураваны палац не перажыў ХХ стагоддзя. Затое ўвагі варты цікавай формы павільён. Так званы "Скарбчык", дзе ўжо не малады граф зладзіў уласны музей з калекцыямі манет, зброі, дакументаў, медалёў. Дзе гэта ўсё зараз? Цікавае пытанне... А скарбчык, вось ён, стаіць. Мо нешта там у куце закацілася і засталося? Цяжка паглядзець, зачынена. Акрамя таго, шпацырым па парку, назіраем розныя гаспадарчыя пабудовы, старыя дрэвы, сажалку з альтанкай на беразе. Карацей, можна ехаць, калі дома сумна. Я вось шмат гадоў назад быў і яшчэ раз вырашыў. Але акрамя сядзібы, там яшчэ нешта ёсць. Таму працяг будзе і вітанкі ад сонечнай пары.
1❤61👍8❤‍🔥5💔3🔥1😢1🌚1