cybulinka
1.38K subscribers
1.68K photos
82 videos
7 files
1.75K links
самыя важныя навіны й гісторыі з розных сфэраў навукі

супрацоўніцтва: @sabaczka
Download Telegram
Славутая чыкаская пацуковая яміна аказалася вавёркай

У 2024 годзе падобны на пацука сьлед у бэтоннай пліце спачатку стаў вірусным мэмам у твітэры, а потым пераўтварыўся ў сапраўднае месца паломніцтва. Людзі прыносілі на месца гібелі жывёлы кветкі, манэты, цацкі й нават мэдычныя прэпараты. Мясцовыя жыхары казалі, што гэтая пацучыная яміна існавала ўжо каля 20 гадоў, пакуль раптоўна не набыла такую папулярнасьць. Неўзабаве дэпартамэнт транспарту Чыкага дэмантаваў пліту на ходніку й перанёс у будынак мэрыі, дзе яна захоўваецца дагэтуль.

Новая славутасьць прыцягнула ўвагу й дасьледнікаў, якія пастанавілі вызначыць, ці сапраўды адбітак належыць пацуку. Яны параўналі вымярэньні адбітку з дадзенымі 8 відаў грызуноў і прыйшлі да высновы, што з імавернасьцю 98,67% у бэтоне загінула вавёрка, а не пацук.

Аўтары прызнаюць гульнявы характар дасьледаваньня, але галоўнай мэтай гэтага было нагадаць чытачам, што любое навуковае дасьледаваньне пачынаецца зь цікаўнасьці й наглядальнасьці – якасьцяў, якія ўласьцівыя ня толькі прафэсыйным навукоўцам.
😱22🔥10👍4❤2😢1
Сталі вядомыя ляўрэаты 51-га конкурсу мікрафатаграфіі Nikon Small World

Пераможцам стаў здымак рысавага слоніка Sitophilus oryzae, які выпрастаў крылы на рысавым зерні (1. Yan Zhang), на другім месцы здымак кроплі вады з каляніяльнымі водарасьцямі Volvox (2. Jan Rosenboom), а на трэцім – выява пылку на павуціне (3. John-Oliver Dum).

Яшчэ некалькі здымкаў, якія варта адзначыць:

🍄Грыбок Talaromyces purpureogenus, вядомы сваім чырвоным пігмэнтам. (4. Wim van Egmond)

🩷Вузы сэрцавай цягліцы з храмасомамі, скандэнсаванымі пасьля дзяленьня. (5. James Hayes)

🌻
Трыхомы (валаскі) сланечніку (6. Marek Miś)

🧠Сэнсарныя нэўроны, выгадаваныя са ствалавых вузаў і пазначаныя бялкамі. (7. Stella Whittaker)

Вось тут можна паглядзець усіх фіналістаў.
❤32👍9🔥4🕊1
Нашым лёгкім падабаецца, калі мы робім глыбокі ўдых

Кожны ўдых – гэта ня толькі мэханічны працэс, а яшчэ й складаная гульня сілаў і супраціву. Калі лёгкія напаўняюцца паветрам, іх паверхня мусіць выпрастацца й пераадолець уласнае паверхневае нацягненьне, якое імкнецца сьціснуць сьценкі альвэол. Каб дыханьне не ператварылася ў фізычную барацьбу, у лёгкіх існуе адмысловая вадкасьць (сурфактант), якая зьмяншае напружаньне ў альвэолах, але, як паказала новая публікацыя ў часопісе Science Advances, часам сурфактант можа сам сабе перашкаджаць, і тады на дапамогу прыходзіць просты глыбокі ўдых.

Швайцарскія навукоўцы імкнуліся зразумець, што адбываецца з вадкасьцю ў лёгкіх, калі мы ўдыхаем. Для гэтага яны стварылі мадэль – бурбалку, запоўненую сурфактантам – і падключылі яе да шпрыца, які імітаваў дыханьне. Такі падыход дазволіў назіраць за тым, як тонкая шматслоўная плеўка вадкасьці расьцягваецца й зноў сьціскаецца.

Атрыманыя вынікі паказалі, што пры нармальным дыханьня ў пластах сурфактанту ўзьнікае ўнутранае трэньне паміж слаямі, што моцна пагаршае гнуткасьць лёгкіх. Але адзін глыбокі ўдых дапамагае сыстэме вярнуцца ў нармальны стан: плясты сурфактанту выпростваюцца, лёгкія становяцца больш падатлівымі, а дыханьне лягчэйшым.

Як тлумачаць аўтары, структура сурфактанту нагадвае сэндвіч: зьверху знаходзіцца крыху больш жорсткі слой, які кантактуе з паветрам, а пад ім месьцяцца некалькі мякчэйшых. Калі чалавек глыбока ўздыхае, гэтая сыстэма пластоў пераразьмяркоўваецца, што зьніжае паверхневае нацягненьне й надае лёгкім аптымальную элястычнасьць. Калі чалавек затрымлівае дыханьне, альбо дыхае занадта дробна, слаі сурфактанту перасоўваюцца адносна адзін аднаго, што павялічвае напружаньне й чалавек можа адчуць цяжар у грудзях. Просты глыбокі ўдых, як мяркуюць аўтары, выправіць сытуацыю.

Агулам разуменьне таго, як сурфактант аднаўляе сваю структуру праз глыбокі ўдых, можа дапамагчы ў распрацоўцы новых матэрыялаў і тэрапіі для пацыентаў з дыхальнай нястачай. Напрыклад, штучныя сурфактанты ў больш складанай структурай могуць павысіць эфэктыўнасьць вэнтыляцыі лёгкіх на інтэнсыўнай тэрапіі.
❤33👍9✍4
Маленькі чарвяк выкарыстоўвае статычную электрычнасьць, каб насьпець сваю здабычу ў паветры

Сьвет пад мікраскопам можа падавацца даволі дзіўным, бо тут дзеюць сілы, якія для чалавечага вока часта незаўважныя й агулам падаюцца немагчымымі. І менавіта ў гэтым сьвеце жыве галоўны герэй новага дасьледаваньня: паразытычны чарвяк, які ўмее вельмі спрытна скакаць.

Амэрыканскія навукоўцы вывучылі дзіўны мэханізм «ладаваньня» нэматоды Steinernema carpocapsae, які дазваляе яму прызямляцца на сваю здабычу, пакуль тая ляціць. Галоўную ролю ў гэтым грае статычная электрычнасьць.

Калі чарвяк адчувае, што над ім пралятае кузурка, ён імгненна згінаецца ў колца й выкідваецца ўверх на вышыню, якая ў 25 разоў перавышае даўжыню ягонага цела (гэта як чалавек, які пераскочыў 10-павярховы дом). Пры гэтым падчас палёту нэматода яшчэ круціцца вакол сваёй восі да 1000 разоў за сэкунду. Гэта робіць S. carpocapsae самым малым і найлепшым скакуном у прыродзе.

Варта адзначыць, што вядомая кожнаму зь дзяцінства статычная электрычнасьць, у сьвеце дробных істот можа быць пытаньнем жыцьця й сьмерці. Напрыклад, раней дасьледнікі ўжо паказвалі, што кляшчы могуць выкарыстоўваць яе, каб літаральна пераскочыць на гаспадара, а некаторыя павукі навучыліся зараджаць свае павуціны, каб здабыча лавілася больш эфэктыўна.

Каб зразумець, як гэта працуе з нэматодаў, дасьледнікі стварылі ў лябараторыі адмысловыя ўмовы, якія дазволілі вымяраць электрычныя палі, што ўзьнікаюць падчас палёту дразафілы, а таксама фіксаваць напругу на крылах. Самім чарвякам давалі лёгкі паветраны штуршок, каб ініцыяваць пераскок, і здымалі на высокахуткасную камэру.

Аказалася, што калі мушка махаючы крыламі хутка набірае зарад, а чарвяк, пакуль чакае ўнізе, набывае супрацьлеглы зарад, у выніку ўзьнікае прыцягненьне, якое й дапамагае паразыту рабіць такія фантастычныя скокі. Дарэчы, без гэтага эфэкту толькі 1 з 19 скокаў трапляў бы на дразафілу.

Мэханізм хоць і эфэктыўны, але маю сваю цану. Скачок патрабуе неймаверных энэргетычных выдаткаў, а ў палёце чарвяк рызыкуе літаральна засохнуць альбо стаць здабычай для іншай істоты, але такая рызыка цалкам апраўданая. Так, «прызямліўшыся» на казурку, чарвяк пранікае ў ейнае цела праз натуральныя адтуліны, выпускае сымбіятычных бактэрый, якія робяць сваю брудную справу, і неўзабаве ахвяра памірае, а чарвяк пачынае размнажацца ў трупе.
👍21🤯12🔥7👏3❤1🐳1
Нэгатыўны ўплыў сацыяльных сетак на псыхічнае здароўе дарослых людзей можа быць перабольшаны

Дасьледаваньне нідэрляндзкіх навукоўцаў ставіць пад сумнеў звыклы наратыў пра шкоднае ўзьдзеяньне сацыяльных сетак на псыхічнае здароўе. Замест катэгарычнага «сацсетка = дэпрэсыя», аўтары выявілі толькі сьціплую сувязь паміж актыўным карыстаньнем плятформамі й пагаршэньнем самаадчуваньня. Што праўда, і гэтае пагаршэньне зьвязанае больш з генэтычнымі фактарамі, чым з сацсеткамі.

Навуковая каманда з Інстытуту псыхалінгвістыкі Макса Плянка прааналізавала зьвесткі зь нідэрляндзкага рэестра блізьнят, і заўважыла, што людзі, якія шмат карыстаюцца сацыяльнымі сеткамі, у сярэднім крыху часьцей паведамляюць пра сымптомы трывожнасьці або дэпрэсыі. Аднак выяўленыя сувязі ў значнай ступені апасродкаваныя агульнымі генамі, якія ўплываюць і на сацыяльныя паводзіны, і на псыхічнае здароўе.

Дасьледаваньні блізьнят зьяўляюцца «залатым стандартамі» у паводзіннай генэтыцы, бо ідэнтычныя блізьняты маюць аднолькавы набор генаў, а розьніца ў паводзінах і стане здароўя дазваляе вылучыць уплыў асяродзьдзя. Калі аднатыпныя пары падобныя больш, чым рознатыпныя, гэта азначае, што гены граюць вырашальную ролю ў назіраных адрозьненьнях.

У гэтым дасьледаваньні ўзялі ўдзел больш за 6 000 блізьнят, якія паведамлялі, колькі часу яны праводзяць у сацыяльных сетках, як часта публікуюць допісы, і наколькі яны задаволеныя жыцьцём. Псыхалягічны дабрабыт вымяраўся паводле адмысловых анкет.

Атрыманыя вынікі пацьвердзілі існаваньне сьціплай карэляцыі паміж часам у сацсетках і горшым псыхічным станам. Але, як высьветлілася, генэтычныя фактары тлумачаць да 72% адрозьненьняў у тым, наколькі часта людзі карыстаюцца сацыяльнымі мэдыя. Іншымі словамі, людзі, схільныя да большай актыўнасьці ў сетках, могуць мець тыя ж генэтычныя рысы, што й тыя, хто часьцей адчувае трывожнасьці й сымптомы дэпрэсыі.

Аўтары таксама заўважылі некалькі цікавых момантаў. Людзі зь лепшым самаадчуваньнем звычайна карысталіся большай колькасьцю розных плятформаў, а ў некаторых выпадках актыўнае жыцьцё ў сацыяльных сетках было зьвязана з больш выразным адчуваньнем задаволенасьці жыцьцём.
❤19🤔8👍5😁3🤷‍♂2🥴2
У Нямеччыне пацукі пагражаюць папуляцыі гарадзкіх кажаноў

У паўночнай Нямеччыне дасьледнікі зафіксавалі, як шэрыя пацукі (Rattus norvegicus) арганізавана палююць на кажаноў каля зімовых сховішчаў.

Навукоўцы спачатку спадзяваліся, што гэта ізаляваны экстрэмальны сцэнар, калі група пацукоў выпадкова перайшла на дзіўны рацыён, але далейшыя назіраньні пацьвердзілі сыстэматычны характар такіх паляваньняў.

Першымі сыгналамі сталі відэаздымкі каля аднаго з двух буйных месцаў зімоўкі гарадзкіх кажаноў (Myotis daubentonii, Myotis nattereri ). У 2020 годзе камэры цягам 5 тыдняў зафіксавалі 30 спробаў і 13 пасьпяховых паляваньняў. Крыху пазьней дасьледнікі знайшлі ў пячоры хованку з парэшткамі кажаноў. Імаверна, пацукі спрабавалі назапасіць сабе крыху ежы.

Таксама зь відэазапісаў стала зразумела, што пацукі карыстаюцца пэўнымі стратэгіямі паляваньня: яны або перахопліваюць кажаноў у паветры, калі тыя вылятаюць зь пячоры, або наўпрост нападаюць, калі рукакрылыя прызямляюцца. Пацукі хапаюць здабычу пярэднімі лапамі й наносяць сьмяротны ўкус, а калі ён аказваецца недакладным, дзеяньне паўтараюць.

Падчас другога назіраньня ў 2021-2024 г., каманда дасьледнікаў выявіла аналягічную хованку з парэшткамі кажаноў у другой знакавай пячоры. Гэта дало падставу ўважаць, што справа ў агульным паводзінным патэрне.

Шэрыя пацукі не зьяўляюцца спэцыялізаванымі драпежнікамі й звычайна ядуць усё, што прасьцей знайсьці на пэўнай тэрыторыі. У сваю чаргу, раптоўны пераход на кажаноў можа стаць сурʼёзнай пагрозай для абодвух відаў, бо й пацукі, і кажаны зьяўляюцца прыроднымі рэзэрвуарамі шматлікіх патагенаў, у тым ліку каранавірусаў. У такім выпадку непасрэднае ўзаемадзеяньне відаў каля месцаў зімовак можа стаць своеасаблівымі пунктам абмену інфэкцыямі, што нясе рызыку як для дзікай прыроды, так і для чалавека.

Таксама кажаны адыгрываюць важную экалягічную ролю: яны рэгулююць колькасьць вусякоў, распаўсюджваюць насеньне й спрыяюць апыленьню. Таму інтэнсыўныя пацучыныя паляваньні могуць стварыць і экалягічную праблему.
😱40😢5👀5❤1🤯1😨1
Пʼяўка ў носе справакавала хранічныя крывацёкі ў мужчыны.

У Кітаі 38-гадовы мужчына сутыкнуўся з даволі нечаканай прычынай хранічных насавых крывацёкаў: у ягоным носе жыла пʼяўка.

Як паведамляецца ў New England Journal of Medicine, заражэньне з высокай імавернасьцю адбылося падчас горнай вандроўкі мужчыны, калі ён памыў твар горнай вадой.

Неўзабаве мужчыну пачалі турбаваць частыя крывацёкі з носу й у выніку праз 10 дзён пасьля вандроўкі ён пайшоў да спэцыялістаў.

Ужо ў лякарні падчас эндаскапічнага агляду выявілася нечаканая прычына скаргаў пацыента. Паведамляецца, што пʼяўка была абураная сьвятлом эндаскопа й спрабавала схавацца ад яго. Усе гэтыя дні яна спакойна смактала кроў на сьлізьніцы.

Звычайна насавыя крывацёкі могуць быць выкліканыя пашкоджаньнем сьлізьніцы, паліпамі, пухлінамі ці іншароднымі целамі, але пʼяўкі – надзвычай рэдкая прычына, хоць і вядомая мэдыцыне. У групе рызыкі знаходзяцца людзі, якія часта купаюцца ў вадаёмах або пʼюць нефільтраваную прыродную ваду.

Што тычыцца пацыента, то яму пад мясцовай анэстэзыяй выдалілі пʼяўку, а праз тыдзень ён ужо ня меў аніякіх прыкмет інвазіі.
😱36🙊8👍1
Ці ведаеце вы, што ў сярэднявечнай Эўропе, калі нехта ґвалтоўна пазбаўляў мужчыну барады, то яго каралі гэтак жа жорстка, як і за кастрацыю? Сёньня да валасоў на твары не такое пяшчотнае стаўленьне, але пэўныя рысы сакральнасьці яшчэ захоўваюцца.

У новым відэа на канале Smash разглядаецца гісторыя барады як знаку годнасьці, біялёгія валасатасьці, а таксама гарманальныя й ґенэтычныя фактары, якія на яе ўплываюць.

Заклікаю да прагляду!
👍42😱3👏2🌚1
Паляваньне касатак на белых акул трапіла на відэа

Навукоўцы з дапамогай дронаў зрабілі ашаламляльныя кадры, на якіх зграя касатак у Каліфарнійскай затоцы забівае маладых белых акул, перакульваючы іх да гары нагамі.

Хаця сутыкненьні паміж гэтымі двума драпежнікамі даволі рэдкія, дасьледнікі задакумэнтавалі нападзеньні касатак на белых акул у Паўднёвай Афрыцы, Аўстраліі й каля каліфарнійскага ўзьбярэжжа. Касаткі палююць на гэтых акул дзеля багатай на пажыўныя рэчывы печані. Знаўцы кажуць, што гэты орган у акул можа важыць да 600 кг, што складае каля чвэрці масы дарослай акулы.

Нейкім чынам касаткі высьветлілі, што калі перакуліць акулу, яна ўпадае ў стан абамленьня (танічнай нерухавасьці) і да печані адкрываецца прамы доступ. Звычайна такім чынам касаткі палююць на дарослых белых акул, бо ў іх печань большая, але ў апісаным выпадку ахвярамі сталі менавіта маладыя акулы.

Дасьледнікі мяркуюць, што такі выбар ахвяраў можа быць абумоўлены лёгкасьцю перакульваньня й наіўнасьцю маладых акул. Дарослыя белыя акулы найчасьцей зьбягаюць падалей, як толькі пачуюць набліжэньне касатак. Калі гэта набытыя паводзіны, то маладыя акулы могуць быць больш уразьлівымі для нападаў.

Відэа тут.
👍18🤔11🤯8🐳4❤3🤷‍♂1🔥1
Гучны шум можа запускаць працэсы, падобныя да хваробы Паркінсана

Хранічнае ўзьдзеяньне гучнага шуму можа выклікаць незваротныя рухальныя парушэньні й гібель дафамінавых нэўронаў. Да такой высновы прыйшлі кітайскія навукоўцы, якія вывучалі мышэй з мадэльлю раньняй стадыі хваробы Паркінсана. Як паведамляецца ў PLOS Biology, дасьледаваньне ўпершыню паказала непасрэдную сувязь паміж слыхавымі цэнтрамі мазґоў і рухальнай сыстэмай.

Хвароба Паркінсана ўважаецца вынікам складанага ўзаемадзеяньня ґенаў, навакольнага асяродзьдзя й ладу жыцьця. Дагэтуль дасьледнікі толькі адзначалі, што працяглы шум можа спрыяць разьвіцьцю нэўралягічных хвароб, але мэханізм такога ўплыву заставаўся незразумелым.

У першай сэрыі досьледаў навуковая каманда падвергла мышэй аднагадзіннаму ўзьдзеяньню шуму гучнасьцю 85-100 дБ, што адпавядае атмасфэры перапоўненай кавярні й знаходжаньню побач з матацыклам. Пасьля гэтага ў грызуноў зьявіліся кароткачасовыя рухальныя парушэньні, якія цалкам зьніклі праз суткі. Пры гэтым страты дафамінавых нэўронаў, уласьцівай хваробе Паркінсана, у чорнай субстанцыі мазґоў не назіралася.

Аднак калі шум паўтараўся штодня цягам тыдня, вынік быў значна больш драматычным. Тут ужо ў мышэй разьвіваліся выразныя й устойлівыя рухальныя дэфэкты, якія захоўваліся больш за тыдзень, а аналіз мазґоў выявіў істотную гібель дафамінавых нэўронаў.

На наступным этапе аўтары зьвярнулі ўвагу на частку мазґоў, дзе ўласна апрацоўваюцца гукавыя сыгналы (inferior colliculus, IC). Аказалася, што гучны шум актывуе тут нэўроны, якія, у сваю чаргу, павышаюць актыўнасьць дафамінавых нэўронаў у чорнай субстанцыі. Навукоўцам удалося хімічна прыглушыць нэўроны IC, што зьнізіла актыўнасьць і ў чорнай субстанцыі.

Каб сьцьвердзіць сувязь, каманда дапасавала мэтады оптаґенэтыкі (кіраваньне нэўронамі празь сьвятло). Тут выявілася, што кароткая актывацыя нэўронаў у зоне апрацоўкі гукаў прыводзіла да рухальных парушэньняў без гібелі дафамінавых нэўронаў (як у першым досьледзе), а вось працяглая актывацыя «гукавых» нэўронаў (IC) паўтарала наступствы хранічнага ўзьдзеяньня шуму з другога досьледу. Аднак у далейшых экспэрымэнтах было паказана, што хімічнае прыглушэньне нэўронаў у IC перад узьдзеяньнем шуму, цалкам абараняла мышэй ад усялякіх пашкоджаньняў.

Прытым мэханізм такой абароны аказаўся зьвязаным з ґенам VMAT2, які грае ключавую ролю ў захаваньні й пераносе дафаміну. Так, моцны шум зьніжаў экспрэсыю VMAT2, але калі навукоўцы штучна яе павялічвалі, гэта абараняла нэўроны й перадухіляла рухальныя дэфэкты ў грызуноў.

Аўтары адзначаюць, што вынікі адкрываюць новы погляд на сувязь паміж навакольным шумам і нэўрадэґенэратыўнымі хваробамі, а таксама яны падкрэсьліваюць – ахова слыху можа быць важным элемэнтам прафіляктыкі ня толькі страты слыху, але й магчымых парушэньняў у працы мазґоў.
👍15😢10🙉6🙏4😨2💯1
Мышы пахудзелі на дыеце без амінакіслот

Калі мы дрыжым ад холаду, арганізм пачынае спальваць больш энэргіі, ператвараючы яе ў цяпло. Гэты натуральны мэханізм, вядомы як тэрмагенэз, дапамагае нам падтрымліваць тэмпэратуру цела. Апошнімі гадамі ён прыцягнуў вялікую ўвагу дасьледнікаў, бо актывацыя тэрмагенэзу можа стаць ключом да барацьбы з атлусьценьнем. У тэорыі, калі прымусіць арганізм «думаць», што яму холадна, ён будзе спальваць тлушч нават у стане спакою. Але ці можна дасягнуць таго ж эфэкту без дрыжыкаў і холаду?

Менавіта такое пытаньне паставілі перад сабой дасьледнікі з Унівэрсытэта Паўднёвай Даніі. Замест таго каб астуджаць арганізм, яны пастанавілі паспрабаваць актываваць тэрмагенэз дыетай, беднай на пэўныя амінакіслоты.

Экспэрымэнты ладзіліся на мышах. Цягам тыдня грызуноў кармілі рацыёнам з паніжаным утрыманьнем мэтыяніну й цыстэіну. Гэтыя амінакіслоты ўдзельнічаюць у мностве абменных працэсаў, таму выбралі менавіта іх. Таксама была й кантрольная група жывёлак, якім давалі звычайны рацыён.

Вынікі атрымаліся цікавымі. Так, мышы з досьледнай групы спальвалі прыблізна на 20% больш энэргіі, чым мышы з кантрольнай групы. Пры гэтым елі яны ня менш, а рухаліся ня больш, таму страты вагі тлумачыліся выключна павышанай генэрацыяй цяпла. Аўтары адзначаюць, што эфэкт дыет-індукаванага тэрмагенэзу быў амаль такі ж, як і ў выпадку сталага знаходжаньня пры тэмпэратуры +5 градусаў.

Як высьветлілася, крыніцай спальваньня вагі сталі бэжавыя тлушчавыя вузы, у якіх уласна й адбываецца тэрмагенэз на холадзе. Гэта сьведчыць пра тое, што незалежна ад таго, што запускае тэрмагенэз, ягоны мэханізм будзе аднолькавы.

Мэтыянін і цыстэін у вялікіх колькасьцях утрымліваюцца ў прадуктах жывёльнага паходжаньня (мяса, малако), а ў расьліннных прадуктах іх мала. Менавіта таму людзі, якія прытрымліваюцца вэгетарыянскай дыеты спажываюць менш гэтых амінакіслот, а таму маюць лепшыя паказьнікі здароўя й вагі (паводле некаторых дасьледаваньняў).

Хоць вынікі пакуль актуальныя толькі для мышэй, аўтары ўпэўненыя, што эфэкт можа распаўсюджвацца й на людзей. Яны бачаць у гэтым адкрыцьці пэрспэктыўны напрамак для стварэньня новых сродкаў барацьбы з атлусьценьнем, якія не патрабуюць асаблівых намаганьняў ад пацыентаў і пацыентак.
❤22🤔10👍3👏1
Дасьледаваньне паказала, што марскія вожыкі ёсьць мазгамі з іголкамі

Калі гаворка заходзіць пра экстрэмальныя эвалюцыйныя шляхі, то марскіх вожыкаў Echinoidea можна лічыць эталёнам экстрэмальнай эвалюцыі. Новыя дасьледаваньні паказалі, што гэтыя іголкавыя стварэньні маюць цалкам унікальную нэрвовую сыстэму, якая разьмяркоўваецца па ўсім целе й уключае сьвятлоўспрымальныя вузы, падобныя на тыя, што ёсьць у чалавечым воку. Іншымі словамі, уся паверхня іх цела можа «адчуваць» сьвятло.

Але самае дзіўнае тое, што, паводле публікацыі ў Science Advances, усё цела марскога вожыка – гэта па сутнасьці адна вялікая галава. У яго няма звыклага падзелу на часткі: ні тулава, ні канцавінаў, ні нават асобных мазгоў. Затое ўся нэрвовая сыстэма працуе як складаная інтэграваная сетка, якая функцыянальна нагадвае мазгі сысуноў.

Каб зразумець, як марскія вожыкі прыйшлі да такой незвычайнай анатоміі, трэба ўспомніць іхны эвалюцыйны шлях. Як і многія жывёлы, яны пачынаюць жыцьцё з двухбаковай сімэтрыяй. Але падчас мэтамарфозы іхняе цела перабудоўваецца ў пяціпрамянёвую форму, падобную на зорку. Такі пераход адмыслоўцы ўважаюць адным з найбольш радыкальных у жывёльным сьвеце.

Менавіта падчас вывучэньня гэтага мэтамарфозу каманда зрабіла нечаканае адкрыцьцё. Мэта была простая, але амбітная: зразумець, як адзін і той жа геном можа стварыць два настолькі розныя пляны цела. Для гэтага навукоўцы прааналізавалі генэтычную актыўнасьць у маладых марскіх вожыкаў адразу пасьля трансфармацыі.

Вынікі аказаліся нечаканымі. Замест таго каб знайсьці проста набор раскіданых нэўронаў, дасьледнікі выявілі складаную нэрвовую сетку, якая праймае ўсё цела й утварае функцыянальныя цэнтры, падобныя да мазгавых аддзелаў. Акрамя таго, былі выяўлены спэцыялізаваныя вузы, што рэагуюць на сьвятло. Гэта сьведчыць, што вожыкі ня проста «бачаць» сьвятло – яны могуць апрацоўваць ягоныя сыгналы, як гэта робяць арганізмы з сапраўднымі органамі зроку.

Гэтыя адкрыцьці паказваюць, што марскія вожыкі нашмат больш складана арганізаваныя, чым здавалася раней. Іхнае цела – не хаатычная сукупнасьць вузаў, а інтэлектуальна арганізаваная структура, якая паказвае, што прырода можа ісьці да складанасьці зусім іншымі шляхамі, чым мы прызвычаіліся бачыць у хрыбтовых.

Навукоўцы мяркуюць, што далейшыя дасьледаваньні нэрвовай сыстэмы іголкаваскурых могуць дапамагчы зразумець, як эвалюцыя шмат разоў незалежна прыводзіла да ўзьнікненьня «мазгавых» сыстэм, у тым ліку й у нашых уласных продкаў.
👍34🤯9❤2🥰2👏2🤔1
Любіце навуковую фантастыку і шукаеце штосьці сьвежае ды на беларускай мове?

Падпісвайцеся на тэлеграм-канал «Чытальная Заля»!

Тут вы знойдзеце:

✅ Унікальныя кароткія аповеды ў жанры фантастыкі.

✅ Магчымасьць прачытаць самастойна ці праслухаць гісторыі ў выкананьні аўтаркі.

✅ Новыя сьветы, каб зьбегчы на хвілінку ад рэчаіснасьці.

Адкрывайце, чытайце, слухайце. Адпачынайце па-новаму і да сустрэчы ў Чытальнае Залі 😉

https://t.me/fantastyka_knihi
👍23❤‍🔥5👏1🤝1
Парэзы й драпіны ў рудых людзей гояцца павольней

Раны ў рудых людзей могуць гаіцца крыху павольней, і новае дасьледаваньне на мышах паказвае, што прычына можа хавацца ў генэтычным варыянце MC1R, які вызначае колер валасоў. Дасьледнікі мяркуюць, што разуменьне гэнай сувязі можа дапамагчы стварыць больш эфэктыўныя сродкі лячэньня хранічных ран.

Колер валасоў залежыць ад таго, наколькі актыўна працуе ген MC1R. Так, актыўны варыянт спрыяе цёмным пігмэнтам, а неактыўны – рудым. У скуры той жа ген выконвае яшчэ адную функцыю: рэгуляваньне запаленьня. Гэты факт і падштурхнуў навукоўцаў спраўдзіць, ці можа неактыўны MC1R запавольваць гаеньне парэзаў і драпінаў. У экспэрымэнтах яны нанесьлі невялікія раны чорным і рудым мышам, а потым назіралі за гаеньнем. Ужо праз тыдзень стала відавочна, што раны ў рудых грызуноў гаіліся павольней: яны паменшыліся толькі на 73%, у той час як у чорных мышэй – на 93%.

Пасьля гэтага дасьледчая каманда зьвярнулася да магчымасьці лячэньня. Яны выпрабавалі экспэрымэнтальны прэпарат, які павялічвае актыўнасьць MC1R у месцы нанясеньня на скуру. І гэта спрацавала. Праз тыдзень у жывёлак (чорныя, актыўны MC1R), якім пасьля раненьня наносілі прэпарат, памер ран аказаўся ўдвая меншым, чым у мышэй, якім апрацоўвалі раны солевым растворам.

Хоць вынікі атрыманыя на мышах, мэханізмы гаеньня ў нас зь імі падобныя, таму прэпарат можа стаць карысным і для тых людзей, у каго ёсьць хоць трохі актыўнага MC1R. Каманда ўжо заплянавала выпрабаваньні на людзях і падкрэсьлівае, што рудым людзям не варта хвалявацца, бо нават калі ў іх сапраўды больш павольнае гаеньне, у звычайным жыцьці эфэкт, імаверна, застаецца непрыкметным.
👍17😱14🤔6❤2🤷‍♂1