МЕНСКРАЗАМ!
561 subscribers
16.6K photos
4.33K videos
93 files
4.31K links
Канал аб'яднання пратэстнага руху Менска, рэгіёнаў Беларусі, беларусаў Замежжа.

#МыРазам рухаемся да перамогі над дыктатурай.

Наш бот
@menskrazam_bot

Нашы акаўнты:
https://teletype.in/@menskrazam/accounts

🤍❤️🤍
#МенскРазам‌‌
Download Telegram
Forwarded from 
​​Наконт смяротнага пакарання. Падчас апошняга тыдня ўзгадваліся класічныя аргументы супраць. Усе яны агучаны не раз: жыццё - найвялікшая каштоўнасць,  верагоднасць судовай памылкі,  праблема з прызначэннем выканаўцаў прысуду, вось гэта ўсё. Цалкам гуманістычныя аргументы, цалкам разумныя.

Але ж мы жывем у часы дыктатуры, недазаконня. І часам, калі чалавек чуе пра чарговае злачынства, напрыклад, губазікаў, ці сам сутыкаецца, дык вось, часам ён думае: "А добра, што смяротнае пакаранне не адмянілі, яшчэ спатрэбіцца".

Турма павінна выпраўляць, але ці здольны выправіць гады турмы (хоць сучаснай беларускай, хоць нарвежскай) катаў і маньякаў, што здзекуюцца з беларусаў больш за трыццаць гадоў, з дазволу галоўнага ката і маньяка? Ні краты, ні псіхіятрыя тут не дапамогуць, не. А смяротнае пакаранне - гэта такая зручная опцыя, ну як яе не ўзгадаць.

Але, сябры, але. Ёсць аргумент супраць, які звычайна не агучваюць, таму што ён не такі гуманістычны, як астатнія. Вось ён: злачынцы павінны несці адказнасць. А смерць пазбаўляе адказнасці.

Забойства - гэта танны спосаб для дзяржавы пазбавіцца ад праблемы, а для ахвяр злачынцы - часовая ілюзія ці то помсты, ці то справядлівасці.

Але сам мёртвы злачынца нічога не адчувае. Ні болю, ні страху,  ні цяжару жыцця, якое перастала быць лёгкім і прыемным.

Можа, нехта з іх і паспее ўцячы туды, дзе нічога няма. Яны і зараз гэтым займаюцца, навіны пра смерці розных "сілавікоў" стабільна з'яўляюцца ў смі. Але дзяржава не павінна дапамагаць ім пазбегнуць такім чынам адказнасці, не. А калі хто верыць у пекла ці кола сансары - пагадзіцеся, вышэйшая пасмяротная справядлівасць без праблем пачакае, пакуль здзейсніцца справядлівасць прыжыццёвая.

Але што прымусіць іх адчуць цяжар пакарання? Бо для  нармальных людзей цяжка згубіць свабоду, не бачыць родных і сяброў, не мець магчымасці займацца любімай справай. А вось гэтыя, якія забілі Рамана Бандарэнку, ці глядзелі, як памірае Алесь Пушкін, што цяжка і балюча для іх?

Усё проста, насамрэч. Ім балюча будзе страціць уладу. З гаспадароў жыцця ператварыцца ў звычайнах людзей. І разам з уладай страціць грошы, нарабаваныя падчас "ператрусаў".
Так, грошы - вялікая для іх каштоўнасць, таму няхай глядзяць, як жонкі афармляюць развод паводле спрошчанай працэдуры і забіраюць тую маёмасць, якую не канфіскавала дзяржава на карысць ахвяр іх злачынстваў. Як на іх месцы ў кабінетах прыходзяць новыя людзі, гатовыя працаваць законна. Як іх паступова забываюць, быццам іх і няма. Але пры гэтым - жывуць.

І не важна, якія там, за кратамі, умовы. Будуць добрыя ўмовы. Будуць ім і матрацы, і бібліятэка з кнігамі Алексіевіч. Будуць рэгулярныя перадачы і лісты, калі знойдуцца жадаючыя перадаваць і пісаць.

Тут варта ўзгадаць, што ў турэмнай сістэме розных краін, не толькі нашай, ёсць хібы. Ну як, хібы. Начальства калоній актыўна дапамагае будаваць іерархію з "аўтарытэтамі", "нізкім статусам" і "стукачамі". Іерархію, што дазваляе дрэнным людзям пачувацца добра нават з абмежаванай свабодай. Дык вось, прававая дзяржава, да якой мы імкнемся, павінна вынішчыць усё гэта. Паралельна з адменай смяротнага пакарання, вядома ж. Злачынцы мусяць несці адказнасць паводле рашэння справядлівага суда, не больш і не менш.

Вось так, сябры. Вялікія гуманісты з нас не атрымаюцца, але гэта не важна. У рэшце рэшт, дзяржава забіла рознымі спосабамі мноства людзей, дрэнных, добрых і выпадковых. І куды гэта яе прывяло? Нам патрэбны глабальныя змены, і адмена смяротнага пакарання - адна з іх.

Злачынцы адкажуць іншымі спосабамі.

Жыве Беларусь!
❤‍🔥11🔥9👍3
Forwarded from 
Закалыхваючы,
Пэўна, стомленая,
Памылілася маці:
Не на верацяно,
А на сэрца маё
Сваю песню
Навіла.
Я і сёння асцярожна,
З хваляваннем
Разматваю
Клубок песень,
Каб хаця не парваць
Яе нітку.

Максім Танк

Віншуем усіх маці са святам!
Жыве Беларусь!
❤‍🔥15❤7
Forwarded from 
Maкciм Taнк - Kypaпaты

Mёpтвыя pacкpывaюць вoчы жывым.
Пpымaўкa


Xтo б aдкyль нi пpыйшoў,
Xoць нa мiг пpыпынicя
I зa тыx, штo зaгiнyлi
Tyт, пaмaлicя.

Mo нe знaeш iмён,
Aлe знaй: нoч i дзeнь
Tyт paccтpэльвaлi кaты
Hявiнныx людзeй.

Tyт paccтpэльвaлi
I дзяцeй i бaцькoў,
Haшy пpaўдy,
Бpaтэpcкyю дpyжбy, любoў,

Haшy мoвy i пecнi,
Штo pвaлicя ўвыcь,
Haшy бyдyчыню,
Bepy ў caцыялiзм.

Пoмнi: тыя, штo
Caмaaxвяpнa тyт пaлi,
Ha пaкyтнaй зямлi
Гэтa ўcё paтaвaлi.

09.03.1989 г.

***

Набліжаецца гадавіна той страшнай ночы, калі у мінскай турме нкус былі расстраляныя больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі. Кропля ў моры крыві. Але кожную такую кроплю акупаваныя народы мусяць памятаць. Увесь наступны тыдзень мы будзем узгадваць вершы расстраляных паэтаў. Бо імперыі разбураюцца, імёны катаў знікаюць з гісторыі, а паэты жывуць, пакуль гучаць іх вершы. А яшчэ таму, што вершы добрыя.

Мы памятаем!
Жыве Беларусь!
❤‍🔥10❤6💔6
Беларусы Шчэціна 🇵🇱 сабраліся на традыцыйную нядзельную акцыю супраць рэжыму ў Беларусі. 

Мы збіраемся, каб паказаць, што не забылі пра тых, хто сваёй свабодай, здароўем, а часам нават жыццём заплацілі за тое, каб Беларусь была вольнай. 
❤️✊✌️
❤‍🔥13❤6
Forwarded from 
​​Пра грамадска-палітычную дзейнасць Макара Краўцова вядома ці не больш, чым пра яго паэзію. Ён так і не пабачыў пры жыцці зборніка ўласных твораў. Не вядома дакладна, дзе і як ён загінуў і дзе пахаваны. Арыштаваны ў 1939 г, а потым... Потым усё зразумела.

Беларусы дакладна ведаюць яго "Ваяцкі гімн" ("Мы выйдзем шчыльнымі радамі") - сур'ёзны верш, і на старых фотаздымках Макар Краўцоў выглядае занадта сур'ёзна. Але хочацца, каб людзі памяталі не толькі сур'ёзнае. Таму вось вам сумны верш пра каханне.

Макар Краўцоў - Раманс

Ціха спаў стары лес недалёчка,
На балоце кулік чыркацеў,
Той вясны была цёмная ночка,
Што не вернецца зноў, каб хацеў.

Хутка недзе схавалася вёска,
Ўсё гусцела й гусцела імгла;
Твая мілая, доўгая коска
Чорнай стужкай на плечы лягла.

Яшчэ зоркамі вочкі свяцілі.
Шчасце-моладасць грэла душу…
Тыя думкі, што нас засмуцілі,
Я дагэтуль, як шчасце, нашу.

“Нас нядоля ліхая злучыла,
І ў наплыве сляпога чуцця
Ўсю атруту пазнаць навучыла”…
Дый заплакала ты, як дзіця.
………………………………
Было жудасна нам сярод ночы,
Лёд нядолі застыў каля нас.
Ты, як ангел, мне глянула ў вочы
І пачула: “Расстацца нам час”…

1918 г

Жыве Беларусь!
❤‍🔥10❤7💔2
Forwarded from 
У вершах Юлія Таўбіна звычайныя словы нібыта ажываюць, нібыта самі па сваёй волі складаюцца ў радкі. Ці гэта не тая самая магія паэзіі? Пачытайце яго верш - прызнанне ў каханні да роднай зямлі.

Юлі Таўбін

Панарамы лясоў і балот,
Краявіды імшыстых нізін...
І на Захад, на Поўнач, на Ўсход -
Я ды край мой - адзін на адзін.
 
Будзь здароў!..
               Пакахай і пястуй
У абдымках ліпнёвых начэй...
Чуеш сэрца ўстрывожаны стук,
Бачыш палкасць гарачых вачэй...
 
Я прыйшоў ад каменных будоў,
Ад асфальтавых сцежак і троп,
Я прынёс табе шчырасць-любоў
І ў напевах - жалезны настрой.
 
Я прыйшоў на прасторы палос
Палюбіць і сказаць, што я сын
Родных сэрцу лясоў і балот,
Краявідаў імшыстых нізін.
 
1929 г.

Жыве Беларусь!
❤‍🔥13❤6
Forwarded from 
Міхась Чарот прысвяціў гэты верш памяці Алеся Гаруна, але зараз ён гучыць, як ушанаванне розных беларускіх паэтаў. Нават самога Чарота.

Міхась Чарот - Жывыя акорды

Спакойна спі, пясняр, далёка на чужыне...
Нашто пакінуў край, які быў сэрцу міл?
Ці, можа, ты хацеў, каб на палях краіны
Стаяла менш крыжоў і менш было магіл?
 
Кахаў ты родны край, дзе цемра, здзек пануе;
З народам плакаў ты, як лепшы яго сын...
Цяпер ты замаўчаў... А ўсё ж акорды чуе
Гаротны люд... Не змоўк іх дзіўны гімн.
 
Ў акордах чуюцца ўсё сумныя напевы;
Адбітак тваіх дум - у іх можна ўгадаць,
Шмат жальбы ў іх чуваць, і радасці, і гневу.
І звоны ланцугоў нявольніка чуваць.
 
Ты спевам разбудзіў народ свой напрадвесні,
Якому на алтар свой дыямент прынёс...
Яшчэ акорд не змоўк тваёй прыгожай песні,
Хоць струны абарваў жыцця паганы лёс.
 
Лье слёзы па табе народ, і гай, і поле
І вераць у прамень, які ты ўсім паслаў...
Акорды будуць жыць - твой дар, паэт, - на волі,
А з імі будзе жыць, хто плакаў і стагнаў...
 
1920 г.

Жыве Беларусь!
❤‍🔥12❤6
Forwarded from 
​​Вершы Алеся Дудара прасякнуты марамі пра будучыню, дзе пануюць прагрэс, тэхналогіі і справядлівасць. А яшчэ - радасцю жыцця, штодзённага, звыклага. Пачытайце!

Алесь Дудар - Зварот

Вецер вее з усходу – суровы такі.
Тонка стогнуць і гнуцца на дол хмызьнякі –
Я шагаю ў палоне ліпнёвай красы,
Пад маёю нагой верас суха шуршыць;
І ядловец, відаць, зацікавіўся мной,
Дык калючкамі шэпча: “спыніся, пастой!”
На балоце дзьве чаплі – іх дзюбы, як кроў;
Прывітаньне ім шлю я стамлёнай рукой:
Разгарнуліся крыльлі, ўзляцелі ўдваіх,
Нечаканы прывет мой спужаў, мабыць, іх…
Вечер вее з усходу, ды з нашых расьлін
Пыльцу хмарай трасе, каб буйней парасьлі,
Каб і жыта гуло, і хістаўся ячмень,
Як вялося даўней – без паправак ды зьмен.
А за лесам красуе канаючы дзень –
Разам з ветрам і вечар з усходу прыдзе.
Лёг туман у тры столкі на рэчку, на луг;
Чутна – ў вёску каровы зганяе пастух;
Чутна – недзе каса зазьвінела аб плот –
Гэта людзі ідуць з сенажацяў, з балот,
Раніцою з сабой хлеба ў торбу ўзялі,
А назад прынясьлі на руках мазалі…
Заўтра раненька-рана пайду з імі я…
Добры дзень, добры вечар, краіна мая!

1928 г.

Жыве Беларусь!
❤‍🔥13❤6
Forwarded from 
​​У гадавіну ночы расстраляных паэтаў мы згадваем усіх годных беларусаў, забітых саветамі. Але мы памятаем не толькі смерці, але і жыцці. Не толькі прысуды, але і вершы. Давайце ўзгадаем іх сёння не толькі як ахвяр рэпрэсій, але і як герояў, бо ўсе яны былі і застануцца героямі Беларусі.

Валерый Маракоў - Адышоўшым

На вашых магілах мы справім вяселле
І душы зальём старадаўнім віном.
Успомнім,
Як дні нашы ў нетры ляцелі,
Каб больш не вярнуцца ніколі ізноў.

Мы ў майскія ночы паплачам над вамі,
Раскажам вам вашы
Пачуцці
І сны,
Як сэрца квітнее зарой і агнямі,
Як граюць жаданні на струнах вясны.

А ў доўгія ночы зімовых ігрышчаў,
Пад дальнія скрыпкі начных палазоў
Раскажам,
Як вецер бязлітасна свішча,
Цярушачы ў полі змярцвелы свой боль…

Там хвойка упала з надломаным крыкам.
Там свежай крывёй пралілася зара.
На захад узняў хтось марозныя пікі
І кліча у бойку узбураны край.

Мы вучымся жыць.
Мы ствараем законы.
Мы марым аб дальняй нязнанай красе.
У бойку ідзём,
Паміраем з праклёнам,
І смерць нам вянкі на магілы нясе.

А можа быць, такжа
Праз слоту нядолі
Мы пойдзем,
Памром
І не вернемся зноў.
Хтось будзе на нашых магілах вясной
Спяваць з захапленнем пра шчасце
І волю!

1930 г.

Жыве Беларусь!
❤‍🔥10❤8
🎙 НОЧ (НЕ)РАССТРАЛЯНЫХ ПАЭТАЎ
🕯 29 кастрычніка | Беласток

Сёння ў Беластоку, каля консульства Беларусі, мы зноў сабраліся, каб ушанаваць памяць тых, каго спрабавалі прымусіць замаўчаць назаўсёды.

💔 29 кастрычніка 1937 года — чорная дата ў гісторыі Беларусі.

У ноч на 30 кастрычніка ў мінскай турме НКУС былі расстраляныя больш за сто прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі — паэтаў, пісьменнікаў, навукоўцаў, дзеячаў культуры.

Іх забівалі за думкі, за слова, за любоў да Беларусі. Разам з людзьмі спрабавалі знішчыць нашу мову, культуру і нацыянальную памяць.

Прайшлі дзесяцігоддзі, але рэпрэсіі не засталіся толькі ў падручніках гісторыі.

Сёння беларускія творцы зноў сутыкаюцца з пераследам. Адны апынуліся за кратамі, іншыя былі вымушаныя пакінуць радзіму. Мы памятаем і пра тых, каго ўжо няма з намі, — Алеся Пушкіна, Рамана Бандарэнку, Вітольда Ашурка.

🕯 Змяніліся часы, але не знікла імкненне прымусіць свабоднае слова маўчаць.

І ўсё ж беларуская культура жыве.
Гучаць вершы. Захоўваецца памяць. Новыя пакаленні адкрываюць для сябе імёны тых, каго спрабавалі выкрасліць з гісторыі.

Сёння мы чыталі іх вершы не толькі дзеля мінулага, але і дзеля будучыні. Каб памятаць, хто мы, адкуль нашы карані і чаму так важна берагчы сваю культуру.

❤️🤍❤️ Можна забіць чалавека, але немагчыма расстраляць памяць пра яго.

Дзякуй за салідарнасць, за неабыякавасць і за тое, што нават удалечыні ад радзімы мы застаёмся разам і не дазваляем забыць пра Беларусь.

🕯 Пакуль гучаць іх вершы — жыве памяць.
Пакуль мы памятаем — яны з намі.

🙏 ЗАБІТЫЯ, АЛЕ НЕ ЗАБЫТЫЯ!

❤️🤍❤️ Жыве Беларусь!
❤‍🔥10❤3💔3