Спадчына
3.16K subscribers
14.8K photos
208 videos
28 files
2.24K links
Канал пра гістарычную архітэктурную спадчыну Беларусі і не толькі.

Наш чат: https://t.me/spadczynachat
Бот зваротнай сувязі: https://t.me/spadczyna_szepat_bot
Чат пра могілкі: https://t.me/mohilki
Download Telegram
У Полацку на тэрыторыі Верхняга замка плануюць рэканструяваць будынак былога правіянцкага склада пад гасцініцу з рэстаранам.

Двухпавярховы будынак па вуліцы Замкавай, 5 быў узведзены ў 1772–1778 гадах па праекце губернскага архітэктара Івана Зігфрыдана. Гэта помнік архітэктуры класіцызму, які гістарычна меў манументальны галоўны фасад з буйным цэнтральным франтонам, дэкарыраваны вуглавымі пілястрамі і неглыбокімі нішамі, а таксама завяршаўся класічным вальмавым дахам.

У 2025 годзе аб'ект набыла кампанія «Скарб Сэрвіс». На нядаўняй нарадзе з удзелам першага віцэ-прэм’ера Мікалая Снапкова быў прэзентаваны праект адаптацыі склада пад гатэль на 17 нумароў. Распрацоўкай дакументацыі займалася прадпрыемства «ІнЭр Буд» (галоўны архітэктар праекта Алясюк, навуковы кіраўнік Уладзіслаў Карлавіч Рута).

Мяркуючы па апублікаваных эскізах, замест навуковай рэстаўрацыі будынак чакае перабудова. Дах прыпадымуць і ўсунуць пад яго трэці паверх з суцэльным стужкавым зашкленнем. У публікацыях ён называецца мансардным, але трэба разумець, што такім па вызначэнні называецца толькі паверх, у якім не вышэй чым на ўзроўні 1,5 м ад падлогі сцяна пераходзіць у схіл даху. Зашкляць таксама вялікія нішы. Вельмі дзіўным выглядае рашэнне здзерці частку тынку да самай цэглы, дзе на рэндарах паказаная вывеска гатэля. Не кажучы ўжо пра тое, што гэта варварскае стаўленне да помніка класіцызму, якія малаверагодна што заставаўся неатынкаваным, дык яшчэ і парушае сіметрычную кампазіцыю фасада.

Прапанаванае рашэнне мягка кажучы нагадвае моцна састарэлыя прыклады рэканструкцыі гістарычных будынкаў, якія былі папулярныя ў 2000-х і першай палове 2010-х гадоў.

Праектам прадугледжана ўзвядзенне побач асобнага павільёна на 48 месцаў для правядзення ўрачыстасцей.

Дарэчы не зусім разумею, як яны плануюць гэты гатэль рэалізаваць. Верхні замак захапіў паразіт — Полацкае кадэцкае вучылішча, якое абнесла ўсю сваю закрытую тэрыторыю зялёным плотам, захапіўшы у тым ліку пачатак Замкавай вуліцы. Зялёны плот рэжымнай установы стаіць акурат перад галоўным фасадам і ракурс як на рэндары папросту немагчымы.

Арыентыровачны аб'ём інвестыцый складае больш за 8,5 мільёна рублёў. Пры гэтым на афіцыйным узроўні заяўляецца, што ў ходзе рэалізацыі праекта «акцэнт зроблены на захаванні аўтэнтычнасці і традыцый». Актыўны этап будаўнічых работ павінен пачацца ў 2027 годзе.

Крыніца 1
Крыніца 2
Крыніца 3

#Полацк #рэканструкцыя #класіцызм #гістарычнаязабудова
💩10❤7😐7🤬2🤔1🤮1🍾1😭1
Рэканструкцыя сядзібнага дома Ваўжэцкіх у Відзах Лаўчынскіх Браслаўскага раёна.

Пакуль цяжка нешта сказаць пра вынік. З аднаго боку разабраны дах, зняты ліштвы, зняты тынк да голага зруба, разабраны карнізы, цалкам разабраны драўляны парадны порцік, разабраныя бакавыя сценкі дваровай мураванай арачнай галерэі.

З іншага боку сама арганізацыя работ заслугоўвае павагі: драўніна на дварэ накрытая шыферам, драўляны зруб абшыты нейкім матэрыяламі, якія, відаць, засцерагае яго ад ападкаў.

Замест разабраных сценак арачнай галерэі ўжо вымураваны арачкі, якія былі гістарычнай. Над карнізам галерэі адноўлены атык. Вымуравана ўсё вельмі далікатна і гістарычна дакладна (наколькі можна меркаваць па здымках). Праведзена анкерная сцяжка муроў цокальнага паверха.

Хочацца спадзявацца, што гэта не падман зроку, а будучы прыклад добрай навуковай рэстаўрацыі. 🙏


Фота кастрычніка
Фота верасня

#ВідзыЛаўчынскія #рэстаўрацыя #сядзібы
❤33🙏13😍5👍2💩1
Беларусь праз 14 гадоў вярнулася ў міжнародны конкурс «Вікі любіць славутасці».

Конкурс «Вікі любіць славутасці» (Wiki Loves Monuments) працягнецца да канца кастрычніка на платформе Wikimedia Commons.
Папярэдні раз беларускі сегмент браў удзел у гэтым спаборніцтве ў 2012 годзе.

Аўтары пяці найлепшых фатаграфій атрымаюць электронныя падарункавыя сертыфікаты наміналам 200 рублёў для пакупак у інтэрнэт-крамах.

У рамках сёлетняга конкурсу пакуль загружана ўжо больш за 1 170 файлаў, пры гэтым 32 з іх ужо прызнаныя якаснымі — толькі каля 0,3 % фотаздымкаў маюць падобную адзнаку.

Для ўдзелу ў кампаніі 2026 года створаны тэкставы рэестр аб'ектаў на базе праекта рускага Wikivoyage. Спісы размеркаваныя па абласцях і раёнах. У іх уключаныя афіцыйныя помнікі архітэктуры і гістарычныя пабудовы, створаныя да 1990 года, якія часткова ўзятыя з краязнаўчага каталога «Глобус Беларусі». Для геаграфічнага пошуку працуе інтэрактыўная карта. Загружаць файлы неабходна строга праз індывідуальныя спасылкі аб'ектаў з гэтай карты, каб выява аўтаматычна прывязвалася да ідэнтыфікатара помніка ў энцыклапедычнай базе.

Ад удзельнікаў патрабуецца загружаць файлы памерам не менш за 2 мегапікселі пад свабоднай ліцэнзіяй, пазбягаючы дублявання аднатыпных ракурсаў. Асобны блок правіл рэгулюе лічбавую апрацоўку. Для тэхнічных фатаграфій, якія фіксуюць стан помнікаў, дапускаецца толькі мінімальнае ўмяшанне. Мастацкая апрацоўка дазволеная, але патрабуе абавязковага ўдакладнення ў апісанні файла, а ў ідэале — паралельнай загрузкі зыходнага здымка. Любое прымяненне сродкаў штучнага інтэлекту для генерацыі або паляпшэння дэталяў павінна быць строга задэклараванае. Вадзяныя знакі і аўтарскія подпісы на выявах забароненыя.

Фота: Budgawl / Wikimedia Commons
❤26👍3
Шляхціц Навагрудскага павета Люцыян Выганоўскі пасля разгрому паўстання 1830—1831 гадоў эміграваў у Францыю, дзе стаў блізкім паплечнікам «бацькі сучаснай рэстаўрацыі» Эжэна Віяле-лё-Дзюка і аднаўляў сабор Парыжскай Божай Маці.

Люцыян Выганоўскі нарадзіўся 1 ліпеня 1814 года ў вёсцы Выганава Беластоцкай вобласці (у літоўскіх і французскіх мастацтвазнаўчых працах годам нараджэння звычайна пазначаецца 1809-ы), а ў дакументах расійскіх следчых камісій запісваўся дваранінам Навагрудскага павета Гродзенскай губерні. Скончыў Свіслацкую гімназію, пасля чаго вывучаў архітэктуру ў Віленскім універсітэце. Падчас паўстання 1830—1831 гадоў далучыўся да інсургентаў: спачатку служыў радавым у атрадзе Якуба Шрэтара ў Белавежскай пушчы, а затым атрымаў званне падафіцэра 11-га ўланскага палка. Пасля паражэння паўстання расійскія ўлады аднеслі яго да другога разраду злачынцаў.

У эміграцыі ў Францыі Выганоўскі прайшоў праз лагеры ў Безансоне і Бержэраку, уступіў у Польскае дэмакратычнае таварыства, а пазней асеў у Ам’ене. Там ён захапіўся вывучэннем гатычнай архітэктуры мясцовага кафедральнага сабора, робячы яго падрабязныя замалёўкі і чарцяжы для высвятлення канструкцый будынка. Малюнкі трапілі на выстаўку, дзе іх заўважыў вядомы французскі архітэктар-рэстаўратар Жан-Батыст Ласю і запрасіў эмігранта да супрацоўніцтва ў Парыж. З 1839 года Выганоўскі наглядаў за рэстаўрацыяй каралеўскай капліцы Сент-Шапель, а з 1845 года — сабора Нотр-Дам. Разам з Ласю ён таксама праектаваў новыя будынкі ў сталіцы: адзін з першых неагатычных храмаў горада — касцёл Сен-Жан-Батыст дэ Бельвіль (1854—1859), дамы кляштара візітанак на Манпарнасе і рэпрэзентацыйны палац для князя Салтыкова на Елісейскіх палях, а таксама рэстаўраваў храмы ў Нанце, Шалоне і Мулене.

Пасля смерці Ласю ў 1857 годзе Выганоўскі пачаў працаваць з галоўным тэарэтыкам еўрапейскай рэстаўрацыі Эжэнам Віяле-лё-Дзюкам. Ён працягнуў працу пры Нотр-Даме, Ам’енскім і Рэймскім саборах, а па яго ўласнай прапанове і пад яго кіраўніцтвам былі адрэстаўраваны саборы ў Шартры і Ле-Мане, капліца ў Бар-лё-Дзюк, кляштар Сен-Жан-о-Буа і касцёл у Мар’енвалі. З 1858 года на працягу 27 гадоў Выганоўскі займаў пасаду галоўнага інспектара будаўнічых работ пры грандыёзнай рэстаўрацыі сярэднявечнага замка П’ерфон у дэпартаменце Уаза, якая фінансавалася імператарам Напалеонам III. Пад яго кіраўніцтвам для Сусветнай выстаўкі 1878 года ў Парыжы быў выраблены дакладны каменны макет П’ерфона вагой 4500 кілаграмаў.

Акрамя практычнай працы, архітэктар перакладаў профільныя артыкулы і рыхтаваў уласную навуковую працу аб канструкцыях і мастацкіх формах гатычнага стылю. Сустракаючы ў Парыжы землякоў, Выганоўскі абяцаў вярнуцца ў Літву і Беларусь, каб кансерваваць і рэстаўраваць мясцовыя замкі, аднак памёр у П’ерфоне 15 мая 1886 года. У 1978 годзе яго асабісты архіў — рабочыя сшыткі будоўлі П’ерфона за 1858—1885 гады, альбомы замалёвак, перапіска з Ласю і Віяле-лё-Дзюкам, а таксама чарнавікі прац на французскай і польскай мовах — быў перададзены з замка ў Архіў дэпартамента Уаза ў Бавэ.

Крыніца

#Францыя #Парыж #рэстаўрацыя #готыка #неаготыка
❤33❤‍🔥5